ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,
электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды. трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
т. 9, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)